ЛАЗА́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922—23.

Адбылася 20.11.1922—24.7.1923 у г. Лазана (Швейцарыя). Склікана па ініцыятыве Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22, удзельнічалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, Японіі, Турцыі, ЗША (апошнія прадстаўляў назіральнік). Быў падпісаны Лазанскі мірны дагавор 1923, прынята канвенцыя аб чарнаморскіх пралівах (у абмеркаванні ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі СССР і Балгарыі), якая прадугледжвала дэмілітарызацыю праліваў, дапускала праход праз Басфор і Дарданелы гандл. і ваен. (з некаторымі абмежаваннямі) суднаў любой краіны. Канвенцыя не была ратыфікавана ў СССР, яна перагледжана на Мантро канферэнцыі 1936. Астатнія 15 дакументаў, падпісаных на канферэнцыі, тычыліся больш прыватных пытанняў, у т.л. вяртання палонных, узаемнага абмену грэч. і тур. насельніцтва.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)